Воклік. Слова, якім аклікаюць; выгук.
Пасля яшчэ аднаго вокліку чалавек на дрэве абазваўся і сказаў, што ён як ёсць свой. А.Кулакоўскі.
Вокліч. Гучны выкрык; гучнае ўсхваляванае акліканне.
Вокліч прагучаў ледзь не каля самага майго вуха і вывеў мяне з задумення. М.Ткачоў.
Вокрык. Рэзкі гучны вокліч з загадам, папярэджаннем, пагрозай каму-н.; слова-загад, пагроза.
Неўзабаве разгублена заякатаў сабака, пачуўся строгі гаспадарскі вокрык, нейкая нягучная кароткая фраза, і ён зразумеў, што сабакі згубілі след. В.Быкаў.