Выглядаць. незак.
1. Мець пэўны выгляд.
Петраш быў на год пяць старэйшы за мяне - яму падбіралася пад сорак, але ён быў увесь сівы, хоць з твару выглядаў маладжава. В.Адамчык.
2. Разм. Уважліва гледзячы, шукаць, заўважаць, знаходзіць каго-што-н.
І пайшоў дзед па рынку хадзіць; ходзіць, па сваіх грашах тавар выглядае. Я.Колас.
3. Віднецца, паказвацца, быць відным.
То ўзбіраецца [дарога] на пагоркі, то нырае ў нізінкі, паўз старадаўнія валуны, змрочныя руіны нямецкага дота, што страшыдлам выглядае з пясчанага кар'ера... А.Жалязоўскі.
4. Пазіраць, зіркаць, высоўваючыся адкуль-н.
З калідора выглядалі дзяўчаткі, а як толькі Вера ўзышла на ганак, усе сыпанулі ў клас і зачынілі дзверы. С.Грахоўскі.
Выглядзець. зак., каго-што. Уважліва гледзячы, знайсці, заўважыць, адшукаць каго-што-н.
Эшалон стаяў на апошняй каляіне: чалавек гэта ўжо ўдзень выглядзеў. К.Чорны.
Выглянуць. зак.
1. Высунуўшыся з укрыцця, глянуць, паглядзець.
Смалякоў расчыніў дзверцы машыны, трывожна выглянуў з кабіны. ЛіМ.
2. Стаць бачным; паказацца, паявіцца.
Выглянула з-за хмар сонца, і ўсё навокал зазіхацела. І.Мележ.