Вынасны.
1. Прыстасаваны для вынасу, пераносу.
Пішчыкаў выйшаў з КП, сеў за столік, на якім ляжаў вынасны мікрафон радыёстанцыі. А.Алешка.
2. Вынесены за межы чаго-н.; звязаны з заўвагамі на палях кнігі або над тэкстам.
У сувязі з гэтым ускладняецца і пытанне аб правілах чытання слоў з вынасной літарай. А.Булыка.
Выносны. З прамым гладкім і высокім ствалом; гонкі; выносісты.
Сонца залаціла гладкія ствалы выносных соснаў, светлымі кавалкамі ляжала на ягадніку. В.Адамчык.
Выносісты. З прамым гладкім і высокім ствалом; гонкі; выносны.
Вось адна маладая выносістая хваінка не вытрымала першага шчодрага снегу, нахілілася. А.Кулакоўскі.
Вынослівы. Фізічна дужы, стойкі, загартаваны; здольны пераносіць усякія цяжкасці, цярплівы.
Па-сялянску дужую і вынослівую, яе раптоўна падкасіла страшная, не зусім яшчэ асэнсаваная ёю сіла. В.Іпатава.