гушча // гушчар / гушчарнік / гушчарня / гушчыня

Гушча.
1. Густы асадак (стравы, раствору і г.д.) на дне пасудзіны.
Валянцін, праўда, разабраўся ў гэтай смакаце трошкі пазнавата - калі ўжо вышмароўваў дно бляшанкі мякішам калача, падбіраючы апошнія кроплі таматнай гушчы. Б.Стральцоў.
2. Разм. Тое, што і гушчар.
Згаладнелая вавёрка скача ў гушчы сасняку. В.Іпатава.
3. перан. Глыбіня, асяроддзе чаго-н.
Цягнула ... пабыць у гушчы людзей, сабраць матэрыял для наступных уласных твораў і выканаць некаторыя планы рэдакцыі. А.Кулакоўскі.

Гушчар. Густы ўчастак лесу; густы зараснік чаго-н.
Глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца. І бачыць дзед Талаш - вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Я.Колас.

Гушчарнік. Разм. Тое, што і гушчар.
У гушчарніку спявалі птушкі, свісталі рабчыкі, шапацелі лісцем асіны і бярозы. А.Чарнышэвіч.

Гушчарня. Разм. Тое, што і гушчар.
Закаўкалі каўкі на ўзвышшы. Затрэслася лісце ў гушчарні. Я.Купала.

Гушчыня.
1. Уласцівасць і стан густога.
Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. В.Вольскі.
2. Тое, што і гушчар.
Узыходзіла сонца, і яго зыркія промні пранікалі ў гушчыню дрэў і кустоў, высвечвалі кару на камлях, мох, пні. Б.Сачанка.

Паведаміць пра недакладнасьць