Далечыня.
1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр; даль.
На ўсёй далечыні ўнізе і па баках імчаў, клубіўся, ірваўся золкі імклівы туман. В.Быкаў.
2. звычайна з азначэннем. Далёкае месца, даль; вельмі аддаленае штосьці.
Вочы Андрэя глядзелі сур'ёзна, як заўсёды, у нейкую далечыню. А.Васілевіч.
Далёкасць. Значная працягласць чаго-н.; аддаленасць.
Савецкія стратэгічныя ракеты маюць практычна неабмежаваную далёкасць палёту. Звязда.
Даль.
1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр; далечыня.
За лясочкамі, за гаем далі, лёгшы сінім морам, вабяць душу мне прасторам. Я.Колас.
2. звычайна з азначэннем. Далёкае месца; вельмі аддаленае штосьці.
З далёкай прыамурскай далі хацеў я ўбачыць бераг свой. С.Гаўрусёў.