Дваісты.
1. Які сумяшчае ў сабе дзве розныя якасці.
Сінонім: супярэчлівы.
Ганна слухала яго з дваістым пачуццём: павагі да смеласці, рашучасці яго і - трывогі. І.Мележ.
2. Які праяўляецца ў двух відах, формах.
Сінонім: двурушніцкі.
Устурбаваны чэрствасцю, пішу пра тых, што набылі душу дваістую, прыстасаванцаў коўзкую душу. П.Панчанка.
Двайны.
1. У два разы большы; падвоены.
І, як ніколі, стала ясна Рыгору: жыць яму будзе нашмат горай, чым было дасюль. Баба без мужыка сірата, а мужык без бабы - двайная сірата. А.Кудравец.
2. Які складаецца з дзвюх аднародных ці падобных частак.
У двайным, вырваным са сшытка лісце, мноства граф, графачак, якія Іван, нібы бухгалтар, запаўняе дробнымі, акуратна выведзенымі лічбамі. І.Навуменка.
3. Які праяўляецца ў двух відах, формах.
Сінонім: двурушніцкі.
Задача пераарыентацыі грамадскай думкі на барацьбу з крывадушнасцю і двайной мараллю, распушчанасцю і цынізмам як ніколі актуальная сёння. Звязда.
Падвойны. Які складаецца з дзвюх аднолькавых, аднародных частак; двайны.
Мы з таварышам пасля работы і ў святочныя дні падрыхтавалі дом для сябе. Уцяплілі яго, насыпалі прызбы, нацягалі на столь моху і пяску, зрабілі падвойныя рамы. А.Чарнышэвіч.