дзелавіты // дзелавы

Дзелавіты. Старанны і ўмелы ў рабоце, талковы; вопытны, спрактыкаваны ў справах.
Ён, Францыск Скарына, хоць не багаты, але здольны і вучоны, настойлівы і дзелавіты, ён той, хто сваёю працай, воляй адолеў цяжкасці і перашкоды і ўзняўся да вышынь тагачаснай адукацыі. А.Петрашкевіч.
Няправільна. Аляксею падабалася простая, дзелавітая (трэба: дзелавая) гутарка падпалкоўніка. І.Мележ.

Дзелавы.
1. Звязаны з работай, службай, якой-н. справай.
Толік дабавіў, што пісаць у газету трэба толькі што-небудзь дзелавое. В.Мыслівец.
2. Які раскрывае сутнасць справы, практычна карысны; істотны.
Гэта былі дзелавыя заўвагі, запытанні на сходах. А.Якімовіч.
3. Які ведае сваю справу, сур'ёзна ставіцца да яе.
І лёс чалавека залежыць не заўсёды ад яго дзелавых і чалавечых якасцей. Б.Сачанка.
Няправільна. Спявалі жаўранкі, бегалі па полі надта ж шустрыя і дзелавыя (трэба: дзелавітыя) шпакі. Б.Сачанка.

Паведаміць пра недакладнасьць