дзівакаваты // дзівацкі // дзівосны // дзіўны

Дзівакаваты. Крыху дзівацкі, з адзнакамі дзівацтва.
Невялічкае і крыху дзівакаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Я.Колас.

Дзівацкі. Характэрны для дзівака; здзіўляючы незвычайнасцю.
У групе ішлі і дзве жанчыны: адна маладая ў саламяным капелюшы з дзівацкім заломам наперадзе. П.Пестрак.

Дзівосны.
1. Небывалы, незвычайны; казачна дзіўны, фантастычны.
..Што недзе за блакітнымі лясамі, вядомы толькі з кніжак і газет, гукае нас жывымі галасамі яшчэ не знаны і дзівосны свет. С.Грахоўскі.
2. Вельмі добры, выдатны; цудоўны.
Невялікі звярок бабёр, а якія дзівосныя па сваёй велічыні і трываласці пабудовы ён узводзіць. В.Вольскі.

Дзіўны. Які выклікае здзіўленне; незвычайны; чароўны.
Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны за цень ад сасны на далёкай Радзіме. П.Панчанка.

Паведаміць пра недакладнасьць