драбната // драбніца // драбяза // дробязь

Драбната. зб. Дробныя істоты, прадметы.
Заспявала, загаманіла лясная птушыная драбната. М.Ваданосаў.
|| Пра дзяцей. - На руках у яе засталося чацвёра дзяцей, усё драбната. І.Мележ.

Драбніца. Падрабязнасць, дэталь; дробязь (у 3 знач.).
Кожная паваротка дарогі да драбніцы вядомая, кожны камень ці дарожны слуп як стары знаёмы. Р.Шкраба.

Драбяза.
1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы.
На возе стаяў куфар, калыска і посцілка ўсякай драбязы, завязаная на рагі. М.Лобан.
|| Пра дробных жывых істот (і малых дзяцей). Цвіркун заганарыўся і звысака пазіраў на розную драбязу. Я.Колас.
2. Нешта неістотнае, нязначнае, не вартае ўвагі.
Усе нягоды, усе цяжкасці забываліся, усе перашкоды здаваліся драбязою пасля такой весткі. П.Кавалёў.

Дробязь.
1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы.
Уласнай крамы ён не меў, але ездзіў па вёсках і прадаваў сярнічкі і іголкі, сіньку і соду, гузікі і іншую дробязь. М.Хведаровіч.
2. зб. Дробныя манеты.
[Хлопчык] дастаў жменю дробязі і адлічыў некалькі манет. Я.Курто.
3. Падрабязнасць, дэталь; драбніца.
Паэта цікавілі і хвалявалі ўсе дробязі вясковага жыцця. С.Кухараў.

Паведаміць пра недакладнасьць