Драўляны. Зроблены з дрэва; дзеравянны.
На літую сталёвую матрыцу, якая ўжо мела неабходны малюнак-узор, Белавод накладваў ліст медзі або срэбра, прыціскаў ліст круглай свінцовай падушкаю і асцярожна, лёгка біў па ёй драўляным малатком. Л.Дайнека.
Няправільна. Ён сам расказваў у класе, што вы яму зрабілі ў прыбудоўцы лабараторыю, што вы яму прыносілі з фабрыкі драўляны (трэба: драўнінны) вугаль і саляную кіслату для вопытаў. Полымя.
Драўнінны. Атрыманы з дрэва, з драўніны.
Драўнінны вугаль. Драўнінны спірт.
Драўняны. Які мае адносіны да драўніны.
Драўняныя валокны.
Дрывяны. Які мае адносіны да дроў.
Дрывяны попел.
|| Прызначаны для дроў. На дрывяных складах выстройваліся доўгімі штабелямі кубаметры нарыхтаваных дроў. У.Мехаў.
Дрэвавы. Які мае адносіны да дрэва, з'яўляецца дрэвам.
Дрэвавыя пароды. Дрэвавыя расліны.