дробавы // дробны // дробязны

Дробавы. Які складаецца з дробаў - частак адзінкі.
Дробы і змешаныя лікі называюцца дробавымі лікамі, у адрозненне ад цэлых лікаў, складзеных з цэлых адзінак. Алгебра.

Дробны.
1. Невялікі па памерах, велічыні ці кошту; маларослы.
Каб паправіць свае справы, ён за пазычаныя грошы стаў перакупшчыкам дробнай жывёлы. К.Чорны.
2. Які складаецца з маленькіх аднародных часцінак.
Церушыць дробны цёплы дожджык. В.Вольскі.
3. Эканамічна слабы; з малымі матэрыяльнымі магчымасцямі.
Яшчэ праз два гады [Лагіза] заарандаваў дробны фальварак і на гэтым прагарэў. К.Чорны.
4. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча.
У Беларусі з яе спецыфічнымі ўмовамі ролю разначынцаў выконвалі дзеці дробнай шляхты. І.Навуменка.
5. Нязначны; неістотны.
Касцюк яшчэ не вярнуўся ў кабінет, на хаду вырашаў дробныя пытанні, з якімі да яго падыходзілі. А.Жук.
6. перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны, нізкі.
Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. М.Лужанін.

Дробязны.
1. Нязначны, неістотны; дробны (у 5 знач.).
Нарады ў канторы выпісваліся на дробязныя работы, на якіх і спіны не наломіш, але і зарабіць не заробіш. Я.Ермаловіч.
2. Які надае занадта вялікае значэнне дробязям, неістотнаму, нязначнаму.
Недарэчнай будзе дробязная матчына апека, айчым не адважыцца ўжо, як хлапчуку, рабіць заўвагі. У.Карпаў.

Паведаміць пра недакладнасьць