Дубальт. Абл. Зроблены з дзвюх аднародных ці падобных частак; падвойны.
Каб, не дай божа, з крамай што не здарылася, гаспадар закрываў дзверы жалезнымі дубальтамі, а вокны - жалезнымі аканіцамі. М.Лобан.
Дублет.
1. Адзін з двух аднолькавых прадметаў; другі экземпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, бібліятэцы і г.д.
У помніках трапляюцца некаторыя польскія словы, якія з'яўляюцца лексічнымі дублетамі адпаведных беларускіх слоў і на першых парах ужываліся паралельна з імі. А.Жураўскі.
2. Адначасовы выстрал па адной цэлі з двух ствалоў паляўнічай стрэльбы; дуплет (у 2 знач.).
Стрэл з двухстволкі дублетам.
Дуплет.
1. У більярднай гульні: удар шаром у другі шар, які, стукнуўшыся аб борт і адскочыўшы ад яго, трапляе ў лузу.
З усіх бакоў падыходзіў ён да гэтага шара, прыглядаўся, прымерваўся кіем і, нарэшце, прыгожым дуплетам паслаў яго ў лузу. ЛіМ.
2. Адначасовы выстрал па адной цэлі з двух ствалоў паляўнічай стрэльбы; дублет (у 2 знач.).
Недзе пекануў стрэл. Глуха, далекавата. І яшчэ два - дуплетам. У тым жа месцы. В.Карамазаў.
Дублікат. Другі экземпляр якога-н. дакумента, які мае аднолькавую юрыдычную сілу з арыгіналам.
Я прыйшла прасіць вас, каб выдалі дублікат ці новую даведку на атрыманне пашпарта. І.Грамовіч.
Дубль. Разм.
1. Другая, дубліруючая каманда спартыўнага калектыву, якая служыць рэзервам для асноўнай каманды.
Дубль футбалістаў лепшай каманды ўкамплектаваны няблага.
2. Адзін з дублетных кадраў пры кіназдымцы.
Пры здымцы найбольш адказных кадраў фільма амаль заўсёды рабілі і дубль.