Дурнець. Разм. Страчваць разумовыя здольнасці, станавіцца дурным; проціл. разумнець.
А стары ўжо, бач, дурнее, як за семдзесят залез. Я.Колас.
Дурыцца. Разм. Дурэць, сваволіць; блазнаваць.
- Пакінь дурыцца, Андрэй, - стаў строгім Пятро. - Не люблю такіх фокусаў. У.Шахавец.
Дурыць. Разм.
1. каго-што. Уводзіць у зман, разлічваючы на даверлівасць.
Сінонімы: марочыць, маніць.
Пакуль пляскалася ў кузні жалеза, цыганкі дурылі вясковых жанчын і забіралі апошнія яйкі. І.Чыгрынаў.
2. Рабіць недарэчныя ўчынкі.
- Не дуры, хлопец, паслухай бацькоў і ўсё будзе добра.
Дурэць.
1. Забаўляцца, сваволіць, гарэзаваць.
Мурзік дурэе ад радасці, бегае вакол мяне, ружовы язык ледзь не па зямлі валочыцца. П.Місько.
2. Разм. Прыходзіць у стан адурэння; ачмурацца.
Дурэць ад моцных пахаў кветак.