духавіты // духавы // духмяны // духоўны // душэўны // душавы // душны

Духавіты. Разм. Тое, што і духмяны.
У мяне за плячыма рэчавы салдацкі мяшок, а ў ім для бабулі два брусочкі духавітага мыла, якія былі выдадзены мне для ўмывання. І.Сяркоў.

Духавы. Які дзейнічае праз удзіманне паветра (пра музычныя інструменты); які складаецца з духавых інструментаў.
З парку даляталі гукі духавога аркестра, а над возерам разлягалася чароўная песня. М.Ваданосаў.

Духмяны. З прыемным моцным пахам; пахучы.
І дуб-крапак і куст малы стаяць у мудрым задуменні. А сосны сочаць і струменяць густы, духмяны пах смалы. Я.Колас.

Духоўны.
1. Звязаны з унутраным станам, псіхічнымі здольнасцямі чалавека, яго свядомасцю; душэўны (у 1 знач.).
Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. К.Чорны.
2. Звязаны з рэлігіяй, царквой.
Няхай злуе айцец духоўны, няхай суліць мне пекла ён, - люблю я больш, як звон царкоўны, скаварады аб прыпек звон. Я.Колас.

Душэўны.
1. Звязаны з унутраным, псіхічным станам чалавека; духоўны (у 1 знач.).
Ядвіся, добра разумеючы сумленнасць і душэўную чысціню Лабановіча, як бы баіцца раскрыць перад ім сваю душу. Р.Шкраба.
2. Шчыры, адкрыты, сардэчны; чулы, спагадлівы.
Адразу завязалася душэўная размова, у якой усё было адкрыта і зразумела. М.Ваданосаў.

Душавы. Які мае адносіны да душа.
У кватэрах прадугледжаны і газавыя пліты, і прасторныя балконы, і душавыя пакоі, і зручныя сцянныя шафы. С.Грахоўскі.

Душны. Гарачы, насычаны выпарэннямі; з цяжкім паветрам.
І калоссі мнагазначна хіляць, гнуць галовы, нібы іх чым устрывожыў душны дзень ліпнёвы. Я.Колас.

Паведаміць пра недакладнасьць