дыпламат // дыпламант // дыпломнік

Дыпламат.
1. Службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін з замежнымі краінамі.
Нашым дыпламатам трэба было прыкласці нямала сіл, энергіі і вытрымкі, каб паказаць міжнародныя падзеі ў іх сапраўдным святле. І.Новікаў.
2. перан. Чалавек, які тонка і ўмела дзейнічае ў адносінах з іншымі.
Пракоп, як і кожны селянін, крыху дыпламат. Я.Колас.

Дыпламант.
1. Пераможца конкурсу, узнагароджаны дыпломам.
Хор створаны васемнаццаць гадоў назад. Ён не аднойчы з'яўляўся дыпламантам абласных конкурсаў харавых калектываў. ЛіМ.
2. Устар. Тое, што і дыпломнік.
- Я студэнт Ленінградскага архітэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. І.Шамякін.

Дыпломнік. Студэнт, які працуе над дыпломнай работай.
Ты ўжо не Павел, не дыпломнік, а Павел Мікалаевіч, настаўнік, будзь крыху болей салідны. Г.Далідовіч.

Паведаміць пра недакладнасьць