Запаленчы. Звязаны з запаленнем, які суправаджаецца запаленнем (пра хваробу).
Вакол паранення ўзнікае запаленчы працэс і ўтвараецца нарыў. Анатомія і фізіялогія чалавека.
Запалены. Які запалілі; падпалены.
Праз хвіліну яна вярнулася з запаленаю свечкаю. Ц.Гартны.
Запалёны.
1. Хворы на запаленне; прыпухлы, пачырванелы.
Саша, якая запалёнымі вачамі напружана сачыла за кожным рухам камандзіра, устрапянулася, імкліва села на ложку. І.Шамякін.
2. Узбуджаны, разгарачаны.
Але, запалёны, ён усё ж шчыра, ад душы расказваў усё, што паліла яго. Ён гаварыў горача, глядзеў у вочы Тураўца з надзеяй і верай. І.Мележ.
Запальны.
1. Які мае адносіны да запалу; прызначаны для запальвання.
Спачатку Міхась не звярнуў увагі на гэты стрэл. Толькі калі задыміла і загарэлася страха, яму стала зразумела, што немец стрэліў у яе запальнай куляю. М.Аўрамчык.
2. Гарачы, хвалюючы.
Кажуць, Слава перадала ёй частку сваёй сілы, і хто ідзе міма бярозкі, той чуе, якім запальным заклікам да помсты прасякнут яе шум. Т.Хадкевіч.