заражаны // заразлівы // заразны

Заражаны. З хваробатворнымі мікробамі або шкоднымі рэчывамі, насякомымі.
Сяльчонак схадзіў у хлявок, насыпаў у марлевую анучку дусту, павязаў мяшочак на доўгую палку і пачаў апыляць заражаныя вусенем сучкі. А.Асіпенка.

Заразлівы.
1. Тое, што і заразны.
Кожны тып туберкулёзных бактэрый з'яўляецца найбольш заразлівым для таго віду жывёл, да паразітавання ў арганізме якіх ён прыстасаваўся. Ф.Бухцілаў.
2. перан. Які лёгка перадаецца іншым, пераймаецца іншымі.
Яшчэ ў калідоры ён пачуў выбухі дружнага заразлівага смеху. М.Гамолка.

Заразны. Які мае адносіны да заразы, нясе ў сабе заразу.
Сінонім: інфекцыйны.
Над больніцай калыхалася зарава: гарэў заразны барак. М.Лынькоў.

Паведаміць пра недакладнасьць