Знясілець. Стаць бяссільным; дайсці да знямогі.
Сінонімы: аслабець, знемагчы.
З вялікай натугай вылез з-пад цёплай коўдры, апрануўся, пайшоў па дровы. Трэба прапаліць печ і хоць выпіць чаю. А то зусім можна знясілець. І.Шамякін.
Знясіліць. каго-што. Пазбавіць сілы, зрабіць бяссільным.
Сінонім: аслабіць.
Ты хоць і выздаравеў, а цяжка працаваць не можаш, надта знясіліла цябе хвароба. М.Машара.
Няправільна. Па газетах поўзалі чамусьці чырвона-рабыя божыя кароўкі, і была ў іхніх рухах такая ж марудлівасць, як і ў самім горадзе, які нібы знясіліў (трэба: знясілеў) ад гарачыні, гары і пылу. І.Чыгрынаў.