Каледж. Вышэйшая або сярэдняя навучальная ўстанова ў Англіі, ЗША і інш.; з 1992 г. і ў нашай краіне.
На працягу дня мы сустракаліся яшчэ са студэнтамі каледжа, заснаванага Гандзі, былі на спецыяльнай сустрэчы са студэнтамі ўніверсітэта. М.Лынькоў.
|| Савет Міністраў рэспублікі зацвердзіў палажэнне аб навучальных установах новага тыпу: ліцэях, гімназіях, каледжах, вышэйшых прафесіянальных вучылішчах. Звязда.
Няправільна. Нацыянальная адукацыя ў Францыі знаходзіцца ў стане крызісу. Не хапае памяшканняў. Не хапае іх і для пачатковых класаў, і для ліцэяў, і для каледжаў (трэба: калежаў), і для ўніверсітэтаў. Звязда.
Калеж. Сярэдняя навучальная ўстанова ў Францыі, Бельгіі, Швейцарыі і інш.
[У Францыі] дзейнічаюць: 9-гадовая пачатковая школа, 4-гадовая сярэдняя школа (агульнаадукацыйны калеж і калеж сярэдняй адукацыі) на базе 5 класаў пачатковай школы, поўная сярэдняя агульнаадукацыйная школа (7-гадовы ліцэй) на базе 5 класаў пачатковай школы. БелСЭ.