Каранасты.
1. Які мае тоўстыя, моцныя карані.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганом], сухазелле у грудзі ўпілося. Я.Купала.
2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу (пра чалавека).
Сінонім: каржакаваты.
У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокіх юхтовых ботах. І.Шамякін.
Каранёвы.
1. Які мае адносіны да кораня (дрэва, расліны і г.д.).
У журавіны ішлі бабы з усёй вёскі, з мяшкамі і вялікімі круглымі белымі каранёвымі кошыкамі - ішлі на ўвесь дзень, з дзяцьмі. І.Пташнікаў.
2. Які мае адносіны да кораня слова; карэнны (у 3 знач.).
Каранёвая марфема. Каранёвы галосны гук.
Караністы. З шырока разгалінаванымі каранямі; пераплецены каранямі.
Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога, траская і караністая, і лес усё ж такі дакучылі яму. Я.Колас.
Карэнны.
1. Спрадвечны, пастаянны.
Большасць карэнных местачкоўцаў, асабліва мужчын, яшчэ ў калектывізацыю падаліся на чыгунку - у стрэлачнікі, грузчыкі. І.Навуменка.
2. Які закранае асновы чаго-н.; асноўны, самы істотны.
Рэвалюцыя карэнным чынам змяніла лёс беларускага народа. А.Адамовіч.
3. Які мае адносіны да кораня слова.
Пасля зычнага прыстаўкі карэннае і пераходзіць у ы, напрыклад: с-ыграць, раз-ыграць, пад-ысці, пад-ымчацца, без-ыдэйны. Беларуская мова.