кветачны // кветкавы// кветнікавы // квяцісты

Кветачны. Прыгатаваны з кветак.
Кветачны адэкалон. Кветачная эсенцыя.

Кветкавы.
1. Які мае адносіны да кветкі, кветак.
Кветкавы пыл лёгка распыляецца ў паветры. К.Ціміразеў.
2. Прызначаны для кветак.
На лаўках, што стаяць пасярэдзіне вуліцы, навокал кветкавай клумбы, групкамі сядзяць людзі з кнігамі. П.Пестрак.

Кветнікавы. Які мае адносіны да кветніка.
У Матруны кветнікавы ўчастак зусім маленькі, але ж так дагледжаны, што гладыёлусаў на ім заўсёды больш, чым у суседак. Звязда.

Квяцісты.
1. З вялікай колькасцю кветак; пакрыты, усеяны кветкамі.
Люблю лугі квяцістыя, як закрасуе май, палеткі залацістыя, цябе, мой родны край. А.Русак.
2. З узорам у кветкі; яркі, каляровы.
Дзяўчаты стаялі асобнай купкай у яркіх квяцістых плаццях. А.Асіпенка.
3. перан. Залішне напышлівы, занадта ўпрыгожаны (пра мову, стыль і г.д.).
Атрымаўся верш квяцісты, як і тая вясна, што нарадзіла яго. А.Асіпенка.

Паведаміць пра недакладнасьць