Клавір.
1. Агульная назва ўсіх струнных клавішных інструментаў: клавікордаў, клавесіна, раяля, піяніна і інш.
- Гэта толькі клавір, а як мая сімфонія будзе выконвацца аркестрам, тады і дзіцё зразумее. З.Бядуля.
2. Пералажэнне опернага ці сімфанічнага твора для спявання ў суправаджэнні фартэпіяна або для выканання на фартэпіяна.
У музыцы, у музыкантаў, кампазітараў шмат праблем. Галоўнае - выданне клавіраў, партытур, твораў кампазітараў мінулага. І.Лучанок.
Клавіш. Пласцінка ў музычным інструменце (фартэпіяна, баяне і інш.), якую націскаюць для атрымання гуку.
Рука які ўжо раз цягнецца да клавіша магнітафона. Т.Бондар.
Клавіша. Тое, што і клавіш.
Твае лёгкія пальцы не кранаюць клавішаў. Яны лунаюць над імі. Г.Ланеўская.
Клавіятура. Сукупнасць усіх клавішаў.
Праз хвіліну дзяўчына-тэлеграфістка спрытнымі пальцамі шпарка пачала стукаць па клавіятуры апарата. Беларусь.