Крамянёвы. Які мае адносіны да цвёрдага мінералу крэменю; зроблены з яго; які дзейнічае пры дапамозе крэменю.
У XVI веку паявіліся больш лёгкія і зручныя ружжы, з крамянёвым ударным замком. Гісторыя сярэдніх вякоў.
Крамяністы. Усеяны каменнем; камяністы.
Хочацца спяваць пад ціхім, чыстым небам, у самоце песню пра адзіноту на крамяністым шляху. Я.Брыль.
Крамяны.
1. Хрусткі, цвёрды, сакавіты.
Ірдзяцца на дужых суках крамяныя яблыкі жніўныя. С.Гаўрусёў.
|| Поўны сілы, здароўя (пра чалавека). У дзвюх жаночых галоўках наводдаль я пазнаю Веру і Кацю. Яны ўжо дарослыя, крамяныя дзяўчаты. Я.Скрыган.
2. перан. Свежы, ядраны.
І здаровае, крамянае надвор'е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. А.Якімовіч.
Крэмніевы. Які мае адносіны да хімічнага элемента крэмнію, змяшчае ў сабе крэмній.
Сілікатныя тавары - такія тавары, у састаў якіх уваходзяць розныя солі крэмніевай кіслаты. Таваразнаўства.