Лясісты. Густа парослы лесам, багаты лесам.
У гэтым глухім лясістым месцы, дзе лес часта саступаў месца балоту, трэба было разведваць кожны крок. К.Чорны.
Лясны.
1. Характэрны для лесу; які жыве ці расце, знаходзіцца ў лесе.
Ён ледзь не заснуў, калі насцярожанае вуха пачула падазроныя гукі на лясной дарозе. М.Лынькоў.
|| Багаты лесам, лясісты. Колькі раздолля ты дорыш жыццю, край мой узгоркавы, край мой лясны. Н.Гілевіч.
2. Які мае адносіны да лесаводства, да эксплуатацыі лесу.
Усе асноўныя лясныя масівы Беларусі знаходзяцца ў веданні дзяржаўных гаспадарак. Геаграфія БССР.