Магістр.
1. Першая вучоная ступень у некаторых зарубежных краінах і дарэвалюцыйнай Расеі; з 1992 г. і ў нашай краіне; асоба, якая мае гэту ступень.
Дык яны ўсе маюць вышэйшую адукацыю. Кожны з іх магістр, а то і доктар. М.Машара.
|| Ужо з новага навучальнага года [1992] па некаторых спецыяльнасцях у БДУ ўводзяцца дзве акадэмічныя ступені - бакалаўра і магістра. Звязда.
2. У сярэднія вякі: тытул кіраўніка каталіцкага духоўна-рыцарскага ордэна; асоба, якая мела такі тытул.
У бітве загінуў вялікі магістр (глава ордэна) і большасць рыцараў. Грунвальдскі бой зламаў сілы ордэна і паклаў канец захопам нямецкіх рыцараў у Прыбалтыцы. Гісторыя сярэдніх вякоў.
Магістрант. Асоба, якая рыхтуецца да абароны дысертацыі на ступень магістра.
Дысертацыя магістранта. Выступленне магістранта.
Магістрат. Гарадское ўпраўленне ў некаторых краінах; будынак, у якім яно размяшчаецца.
Суседзі ж былі як суседзі, усе службовы народ - адны працавалі ў магістраце, другія ў іншых гарадскіх і нямецкіх установах. М.Лынькоў.