матэрыялістычны // матэрыяльны

Матэрыялістычны. Які мае адносіны да матэрыялізму, заснаваны на яго прынцыпах.
Прыродазнаўчыя артыкулы, якія чытаюцца ў пачатковай школе, даюць багаты і змястоўны матэрыял для выхавання ў вучняў пачатковых класаў асноў матэрыялістычнага светапогляду. М.Марчанка.

Матэрыяльны.
1. Які існуе незалежна ад свядомасці; рэальны.
Сінонім: рэчыўны.
У адносінах да свядомасці матэрыя першасная, бо існуе да свядомасці, спараджае свядомасць, з'яўляецца крыніцаю нашых ведаў і папярэднічае вобразам матэрыяльных аб'ектаў у адчуваннях чалавека. БелСЭ.
2. Які мае адносіны да матэрыялаў.
[Багуцкі] зайшоў на матэрыяльны склад. Ля сцелажоў корпаўся Чычын. М.Лынькоў.
3. Звязаны з маёмасцю, уласнасцю, даходамі, грашамі.
Былі прыняты неабходныя меры па ўмацаванню выдавецтваў кадрамі, матэрыяльнаму іх забеспячэнню. А.Волк.

Паведаміць пра недакладнасьць