мятла // мятліца // мятлушка // мяцёлка

Мятла. Пучок звязаных галінак (без лісцяў) для падмятання.
Відаць, баковачка гэтая некалі прымяркоўвалася для кладоўкі прыбіральшчыцам: там зручна было складваць мётлы, скрабкі, вешаць спецвопратку. А.Кулакоўскі.

Мятліца. Пустазелле азімых злакаў з суквеццем у выглядзе мяцёлкі.
Паўз лес, між кустоў, трава ў пояс. Усё цвіце, буяе. Мятліца, званочкі, слёзкі, гарошак, браткі, валяр'яна. А.Кудравец.

Мятлушка. Абл. Насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых пылком рознага колеру, ад якога залежыць іх афарбоўка.
Сінонім: матылёк.
Дзятліна зелянее патройнымі лісцінкамі. Клякоча скакунец-каваль... Трапыхаецца і снуе туды-сюды над жытам жоўценькая мятлушка. М.Гарэцкі.

Мяцёлка.
1. Тое, што і мятла.
А вілы, граблі і мяцёлкі,.. каля варот адны стаялі - таксама працы ўжо чакалі. Я.Колас.
2. Суквецце некаторых раслін, якое нагадвае па форме мятлу.
Алекса зірнуў вакол - відаць, на той гары раслі такія ж каржакаватыя, падобныя да полацкіх соснаў магутныя дрэвы з пушыстымі мяцёлкамі светла-зялёных іголак. В.Іпатава.

Паведаміць пра недакладнасьць