Натуральны.
1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны.
Усе падзолістыя глебы патрабуюць натуральнага ўгнаення, бо яны бедныя азотам. Геаграфія частак свету.
2. Нармальны, звычайны.
Гэтыя словы яму здаліся такімі ж натуральнымі і блізкімі, як і тое, што яна сядзела поплеч. І.Сіўцоў.
Натурны. Звязаны з маляваннем, лепкай з натуры; які здымаецца па-за павільёнам.
Міхась Савіцкі, перш чым прыступіць да асноўнай працы, збірае натурны матэрыял, аналізуе яго, абагульняе. В.Зуёнак.
Натурлівы. Разм. Тое, што і натурысты.
- Дык ён жа [конь], кажуць, вельмі натурлівы, апроч вас, нікога не слухае, - паспрабавала запярэчыць Лісавета. Р.Сабаленка.
Натурысты. Наравісты, з норавам; упарты.
Часам я, можа б, і сам адважыўся павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. А.Кулакоўскі.