несуцешны // несуцішны // несуцяшальны

Несуцешны. Такі, якога цяжка або немагчыма суцешыць; надта моцны па сіле праяўлення (пра гора, смутак, слёзы і г.д.).
Нешта падсвядомае падсказвала ёй, што скора яна навек разлучыцца з імі; што надыходзіць страшны час, які нясе яе сям'і нясцерпнае, несуцешнае гора. А.Чарнышэвіч.

Несуцішны.
1. Які не змаўкае, гучыць безупынна; несціханы.
І запрашаюць вокны клуба ў несуцішны вулей свой. С.Гаўрусёў.
2. Які немагчыма суняць, стрымаць (пра боль).
А якая патрабавалася ад нашых жанчын душэўная стойкасць, каб пераадолець несуцішны боль, выкліканы стратай сваіх мужоў, сыноў, бацькоў і братоў! П.Машэраў.

Несуцяшальны. Які не прыносіць суцяшэння, заспакаення.
А зводкі Саўінформбюро па-ранейшаму былі несуцяшальныя. Полымя.

Паведаміць пра недакладнасьць