Ніжні.
1. Які знаходзіцца ўнізе; проціл. верхні.
Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. У.Краўчанка.
2. Блізкі да вусця ракі.
У ніжнім цячэнні яе [ракі], якраз вось у гэтым месцы, знаходзяцца славутыя дняпроўскія парогі. Я.Курто.
Нізавы.
1. Які мае адносіны, дзейнічае, расце на самай паверхні зямлі, вады і пад.
Гутарка ў Максіма ішла пра беларускія лясы, што гэтак пацярпелі ад вайны, пра сосны, пашкоджаныя нізавымі пажарамі, і пра лячэнне іх. Я.Брыль.
2. Звязаны непасрэдна з масамі, з народам.
Ён, Шэлег, - раёншчык, нізавы работнік, доўгія гады працуе з людзьмі, якіх не назавеш анёламі. І.Навуменка.
Нізінны. Які мае адносіны да нізіны; які знаходзіцца, расце ў нізіне.
Дарогай вольнай, зорнаю, нізіннаю і горнаю прайдзі ты, юны Май. Я.Колас.
Нізкі.
1. Які мае невялікую працягласць знізу ўверх; малы па вышыні; проціл. высокі.
Злева, за светла-сіняй стужкай ціхай Лані, узвышаліся парослыя нізкім хмызняком узгоркі. А.Шашкоў.
2. Які не дасягнуў звычайнай сярэдняй нормы, пэўнага ўзроўню.
Горш за ўсё, што Зося хворая, увесь час у яе трымаецца нізкая, «гнілая» тэмпература. У.Дамашэвіч.
3. Невысокай якасці або наогул дрэнны.
Нізкі сорт паперы.
4. перан. Подлы, ганебны.
- Падхалім - гэта самы нізкі і самы страшны чалавек. І.Гурскі.