Палісмен. Паліцэйскі ў Англіі і ЗША.
І, быццам палісмены, небаскробы за статуяй стаяць і ноч і дзень. П.Панчанка.
Паліцай. Разм. У час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах: паліцэйскі, завербаваны немцамі з мясцовага насельніцтва.
Па глухіх лясных дарогах, што вядуць у глыб лесу, радзей можна сустрэць паліцаяў і немцаў, асабліва ўвечары і ўночы. Б.Сачанка.
Паліцыянт. Разм. Асоба, якая служыць у паліцыі; паліцэйскі.
Бачу: ідуць два паліцыянты, нехта ў цывільнай вопратцы і дворнічыха. М.Танк.
Паліцэйскі.
1. Які мае адносіны да паліцыі, належыць да яе або ажыццяўляецца ёю.
Джыавані праз сілу мог яшчэ ступаць на нагах, і яго адвялі да паліцэйскай машыны, каб везці ў паліцэйскі ўчастак. М.Лынькоў.
2. у знач. наз. Чалавек, які служыць у паліцыі, ніжні чын паліцыі.
Калона дэманстрантаў, поўных гневу, усё ішла і ішла. Раптам з дамоў ударылі па дэманстрантах з кулямётаў, гэта стралялі паліцэйскія. І.Гурскі.
Паліцмайстар. У дарэвалюцыйнай Расеі і некаторых замежных краінах: начальнік паліцыі ў буйных гарадах.
Віленскі паліцмайстар палкоўнік М.А.Саранчоў асабіста праглядае дамавую кнігу, але з прычыны спешкі не знаходзіць у ёй імя Вітажэнца. Г.Кісялёў.