Прахадны.
1. Які мае скразны праход, служыць для праходу.
Хто б ні стаяў вартавым ля прахадной будкі, усякі прапускаў Святлану ў вайсковы двор. А.Кулакоўскі.
2. Які дае права ці магчымасць прайсці па конкурсу куды-н.
- Семнаццаць з дваццаці набраў. Прахадны бал... А Лёня Хазанскі праваліў. В.Мыслівец.
Праходны. Тое, што і прахадны (у 1 знач.).
У зацямнелым кутку каля праходнай будкі Антон прыпыніўся і не зводзіў вачэй з дзвярэй. П.Кавалёў.
Праходчы. Спец. Які мае адносіны да праходкі - распрацоўкі горных вырабатак у пэўным напрамку.
Праходчы камбайн.
Прахожы. Які ідзе куды-н., праходзіць міма каго-чаго-н.
Бралася на мароз. Асфальт падсох. Крокі рэдкіх прахожых ляскалі, як стралялі, асабліва абцасікі жанчын. І.Шамякін.