прышчэп / прышчэпа // прышчэпак // прышчэпка

Прышчэп. Прышчэпленая расліна, прышчэпленае дрэўца.
У гэтую восень будуць гатовы да пасадкі сорак тысяч прышчэпаў. М.Паслядовіч.

Прышчэпа. Тое, што і прышчэп.
Вывучаецца абмен рэчываў прышчэпка пад уплывам абмену рэчываў прышчэпы. Л.Чаркасава.
Няправільна. Кабінет садоўніцтва мае вялікі садова-ягадны гадавальнік, дзе навучэнцы вырошчваюць розную садавіну, робяць прышчэпы (трэба: прышчэпкі) і акуліроўку. М.Замскі.

Прышчэпак. Частка расліны (чаранок, вочка), якую прышчэпліваюць (або прышчапілі раней) на другой расліне.
Юных садаводаў радавала, што ўсе мінулагоднія прышчэпкі развіваліся добра.

Прышчэпка.
1. Перасадка часткі расліны (чаранка, вочка) на другую расліну; прышчэпліванне.
Улетку гэтага года мы рабілі прышчэпку пладовых дрэўцаў. І.Сіняўскі.
2. Прышчэпачны прэпарат (вакцына); увядзенне ў арганізм такога прэпарату, каб папярэдзіць або вылечыць якую-н. хваробу.
У цяперашні час прышчэпкі робяцца спецыяльнымі прэпаратамі - вакцынамі, якія вырабляюцца на заводах. Анатомія і фізіялогія чалавека.
3. Тое, што і прышчэп.
Нарэшце Ваня зайшоў да гаспадара, у якога яшчэ зусім не было саду, а ў агародзе тырчала ўсяго толькі каля дзесятка прышчэпак. А.Кулакоўскі.
4. Заціскачка для прымацавання чаго-н.
У такую хвіліну вязка драўляных прышчэпак, што вісіць на шыі ў дзеўчаняці, можа здацца прыгажэй любых караляў. А.Гардзіцкі.

Паведаміць пра недакладнасьць