Раманічны.
1. Які мае адносіны да рамана - літаратурнага твора.
Проза Я.Коласа савецкага перыяду - гэта пераважна эпас буйных, раманічных форм і жанраў. Д.Гальмакоў.
2. Звязаны з любоўнымі адносінамі.
Лабановіч заходзіць у кухню. Яму цікава паглядзець на сваю старожку, чыя асоба звязвалася раманічнаю гісторыяй з асобаю яго папярэдніка, гэтага самага Мітрафана Васільевіча. Я.Колас.
Раманны. Які мае адносіны да рамана - літаратурнага твора; уласцівы яму; раманічны.
Раманная пабудова твора. Раманны жанр.
Раманскі. Які ўзнік на аснове старажытнарымскай культуры або цесна звязаны з гэтай культурай.
Да раманскай групы належаць народы, мова якіх развілася на аснове лацінскай мовы. Эканамічная геаграфія зарубежных краін.
Рамантычны.
1. Які мае адносіны да рамантызму - напрамку ў літаратуры.
У гісторыі савецкай літаратуры гэты ранні этап вызначаецца звычайна як рамантычны. Н.Перкін.
2. Прасякнуты рамантыкай, незвычайны, таямнічы; летуценна настроены; эмацыянальна-прыўзняты.
З цікавасцю гляджу я на гэтыя рамантычныя мясціны. Мазыр - горад старажытны, і нямала адбылося тут розных падзей у даўно мінулыя часы. В.Вольскі.