сітаўка // сітніца // сітнік / сітнёг / сітняк

Сітаўка. Невялічкая птушка шэра-белага колеру з доўгім хвастом, які пастаянна хістаецца.
Скачуць, нібы на спружынах, вёрткія шэрыя пліскі. Тут называюць іх яшчэ сіткамі ці сітаўкамі. В.Вольскі.

Сітніца. разм. Белы хлеб, спечаны з прасеянай праз сіта мукі.
Сінонім: сітны хлеб.
Пах [булачкі] нагадваў волю, тую пару, калі можна было купіць пульхную сітніцу, батон, сайку ці свежую французскую булку. С.Грахоўскі.

Сітнік. Травяністая расліна з мяцёлчатым суквеццем, якая расце звычайна на сырых, балоцістых месцах.
На берагах пасівеў няскошаны сітнік. С.Грахоўскі.

Сітнёг. Тое, што і сітнік.
То цень, то святло прабягаюць па моры сітнягоў. Ад рабізны і аблокаў вада здаецца глыбокай, бяздоннай, свінцова-сіняй. У.Караткевіч.

Сітняк. Тое, што і сітнік.
І ўздоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам, сітняком, чаротамі і мяккімі ніцымі лозамі, дзе хаваліся розныя лугавыя птушкі. Я.Колас.

Паведаміць пра недакладнасьць