смалісты / смаловы // смаляны / смольны

Смалісты.
1. Багаты смалою; у якім многа смалы.
Полымя зырка гарэла, прагна хапалася за сырую смалістую ігліцу, якая спачатку густа дымілася, тлела, потым з трэскам успыхвала, як порах. М.Лынькоў.
2. Характэрны для смалы; насычаны пахам смалы.
Пах смалісты п'ю і не нап'юся. П.Панчанка.

Смаловы. Тое, што і смалісты.
Вецер пах вадою і смаловым настоем далёкіх і блізкіх бароў. С.Грахоўскі.

Смаляны.
1. Які мае адносіны да смалы, уласцівы ёй.
Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. У.Шыцік.
|| Які мае адносіны да здабычы ці атрымліваецца са смалы, прадуктаў яе перапрацоўкі. Апрача асноўнай прадукцыі - каніфолі і шкіпінару - завод будзе выпускаць смаляныя маслы для гумавай прамысловасці. Беларусь.
2. Апрацаваны смалой; прасмолены.
Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаным беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Л.Гаўрылкін.
3. Чорны і бліскучы (пра валасы).
Яна ведала, што накладная смаляная каса будзе віцца так, як захоча гаспадыня. У.Караткевіч.

Смольны. Тое, што і смалісты.
Горад ... сухі, выветраны на вятрах, смалісты, бо смольныя сцены шашаль не бярэ, бо як смаловы, то ўжо лічаць - вечны. А.Лойка.

Паведаміць пра недакладнасьць