Убіцца.
1. Разм. Улезці, забрацца ўнутр чаго-н., куды-н.
Захоплены такімі думкамі, Далібор і не заўважыў, як ад'ехаўся ад сваёй дружыны і ўбіўся ў строй новагародскіх пешцаў. Л.Дайнека.
|| Зайсці, залезці ў недазволенае месца, у шкоду. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С.Александровіч.
2. перан. Разм. Пранікнуць у якое-н. асяроддзе; уцерціся, улезці куды-н.
І Стаха знаходзяць - убіўся ў прымакі да палескага дзядзькі. М.Лужанін.
3. Разм. Не выходзіць, не ісці (з галавы, думак).
Тыдні са два не бачыла Арына агранома ... Улез у галаву, убіўся, спакою не дае. Б.Стральцоў.
Узбіцца. на каго-што.
1. Нечакана наскочыць на каго-што-н.
Сінонім: наткнуцца.
Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. М.Лобан.
2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім-чым-н. непажаданым, непрыемным.
Сінонім: напароцца.
- Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. У.Паўлаў.
3. Разм. Натрапіць, набрысці на што-н.
- Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. М.Лужанін.
4. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым-н.
Сінонім: разжыцца.
Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. А.Васілевіч.