удалы // удачлівы // удачны

Удалы.
1. Які завяршаецца ўдачай; паспяховы, удачны.
Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў удалы. І.Шамякін.
2. Вельмі добры.
Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! М.Нікановіч.
3. Здатны на ўсё, спрытны, умелы.
- Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень? Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Я.Колас.
4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі.
- Каб была пры мне дружына юнакоў - хлопцаў удалых, ускалыхнуў бы я Карпаты. А.Бажко.

Удачлівы. Такі, справы якога заўсёды завяршаюцца ўдачай, якому ва ўсім вязе, спадарожнічае ўдача.
Ляўчук не ўкладваў у гэта паняцце [быць чалавекам] якога складанага ці філасофскага сэнсу, гэта ў яго фармулявалася проста: каб быў добры, разумны і ўдачлівы, але не за кошт другіх. В.Быкаў.

Удачны.
1. Які адпавядае неабходным патрабаванням; добры, удалы.
Кожнай гаспадыні хочацца, каб хлеб, асабліва калі ён са свежага каласка, быў вельмі ўдачны. М.Арочка.
2. Які завяршыўся ўдачай; паспяховы.
Пад ... кіраўніцтвам [Канстанцінава] патрыёты правялі шмат удачных засад, і слава пра канстанцінаўцаў пракацілася па раёну. А.Дзенісевіч.

Паведаміць пра недакладнасьць