Ужывальны. Які часта, шырока ўжываецца; агульнапрыняты.
Найбольш ужывальнымі суфіксамі назоўнікаў жаночага роду з'яўляюцца наступныя: -к-а, ... антк-а, -янтк-а... Граматыка беларускай мовы.
Ужываны. Які ўжо быў ва ўжытку; якім карысталіся.
Кастусь і Мікола пачалі мыцца пад умывальнікам, які быў прыладжаны да павеці. Каля яго вісеў яшчэ чысты, але ўжываны ручнік. М.Машара.
Ужытны. Тое, што і ўжывальны.
Часта ўжытнае слова.
Ужыты. Выкарыстаны, скарыстаны; прыменены.
Зброя не была ўжыта.
Ужыўчывы. Які ўмее лёгка ўжывацца, жыць у згодзе, ладзіць з другімі.
Калі людзі трапляюць ужыўчывыя, аднолькавых поглядаў, яны робяцца сапраўды блізкімі і шчырымі таварышамі. М.Машара.