Узрасці.
1. Вырасці, стаць дарослым, сталым.
Лепей за ўсё мне на свеце мясціна тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос. К.Кірэенка.
|| Узышоўшы, вырасці (пра расліны). Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А.Вольскі.
2. 1 і 2 ас. не ўжыв. Павялічыцца ў памерах, аб'ёме, сіле і г.д., зрабіцца большым; разрасціся.
Тут заводы ўзраслі, новых фабрык тут шмат... Сёння ёсць чым у нас ганарыцца. Я.Журба.
|| Павысіцца; стаць больш значным. Узрасла актыўнасць мас. Узрос аўтарытэт кіраўніка.
Урасці. 1 і 2 ас. не ўжыв.
1. Па меры росту пранікнуць углыб, прарасці ўнутр.
Моладзь наўтыкала вярбовых калоў, і ўраслі яны ў зямлі, распусцілі вецце. А.Чарнышэвіч.
2. Асесці, уехаць у зямлю.
Хатка такая старая, што амаль па вокны ўрасла ў зямлю. Л.Гаўрылкін.
3. Зарасці, парасці.
Урос пагорак жорсткаю травою. В.Вітка.