укласці // ускласці

Укласці. каго-што.
1. Пакласці спаць; уладкаваць на адпачынак; памагчы легчы.
Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела. Л.Гаўрылкін.
2. Пакрыць, услаць чым-н. паверхню чаго-н.; палажыць у пэўным парадку.
- Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх - пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць. В.Мыслівец.
3. Палажыць, змясціць унутр.
Следчы ўзяў ... астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту. М.Машара.
4. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал).
Укласці капітал на будаўніцтва дома.
5. Разм. Забіць.
- Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М.Ткачоў.

Ускласці.
1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго-н.
Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. П.Галавач.
2. што. Урачыста пакласці.
У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В.Вольскі.
3. што. Даручыць што-н. каму-н.
На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. І.Дуброўскі.

Паведаміць пра недакладнасьць