хадавы // хаджалы // хадзячы // ходжаны // ходкі

Хадавы.
1. Звязаны з ходам, перамяшчэннем; які можа рухацца, які на хаду; рухомы.
Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. П.Беразняк.
2. Разм. Які мае вялікі попыт; шырока вядомы, пашыраны.
Раней пра токараў ды слесараў адно чулі, а зараз на сяле гэта самыя хадавыя прафесіі. Звязда.

Хаджалы. Разм. Які шмат папахадзіў, пабыў дзе-н.; бывалы.
Ён нярэдка называў сябе чалавекам хаджалым і язджалым, і гэта сапраўды так - цяжка назваць які-небудзь куток нашай краіны, дзе ён не быў. ЛіМ.

Хадзячы.
1. Які можа хадзіць, перамяшчацца на сваіх нагах.
А ў першы дзень [вайны] выпісалі ўсіх хадзячых хворых. С.Грахоўскі.
2. Шырока распаўсюджаны, агульнапрыняты, усім вядомы.
За ўвесь вечар, апрача хадзячых анекдотаў, ён так нічога і не пачуў ад іх і вельмі пашкадаваў, што змарнаваў столькі часу. ЛіМ.

Ходжаны. Такі, па якому часта ходзяць (пра сцежку, дарогу і інш.).
Ходжаныя і пераходжаныя сцежкі, знаёмыя на кожнай паваротцы.

Ходкі.
1. Які хутка і лёгка рухаецца, лёгкі на хаду (на ногі).
Потым пакацілі ходкія гарматы, мінамёты. За імі - з той жа імклівасцю, але больш паважна, ракеты. У.Карпаў.
2. Які мае вялікі попыт (пра тавары, вырабы і пад.). Такія боцікі - вельмі ходкі тавар, на прылаўках не залежваецца. Звязда.

Паведаміць пра недакладнасьць