Халадаць.
1. безас. Станавіцца больш халодным (пра надвор'е).
Даўно быў ужо вечар. Распагоджвалася. Халадала. К.Чорны.
2. Разм. Пакутаваць ад холаду; мерзнуць.
Бабкі, прабабкі ішлі пехатой, ішлі месяцамі да Лаўры святой. Давалі зарок. Халадалі, пасцілі, каб іх ацанілі, грахі адпусцілі. Р.Барадулін.
Халадзець.
1. Станавіцца халодным, халаднейшым; халаднець.
Замірае лета, заціхаюць далі, сірацее рэчка, халадзеюць хвалі. Я.Колас.
2. Адчуваць холад; мерзнуць.
Ліў дождж, але Марусаў ужо не звяртаў увагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. М.Стральцоў.
3. Адчуваць холад ад моцнага хвалявання, страху і г.д.
Ігнатовіч халадзеў ад думкі, што Карначова ўпартасць, яго пратэст супроць пабудовы камбіната ў Белым Беразе можа прывесці да таго, што такі выгадны ва ўсіх адносінах аб'ект перададуць іншаму гораду. І.Шамякін.
Халадзіць. каго-што. Рабіць больш халодным; ахалоджваць, астуджваць.
Вільготная трава, да якой не даходзілі промні сонца, халадзіла ногі. Л.Дайнека.
Халаднець. Станавіцца халодным, халаднейшым; халадзець.
Хмары закрывалі неба, халаднеў вецер, вішчэў, залятаючы ў гнёзды стрыжоў, што густа ляпіліся на рачных стромах. Л.Дайнека.