Шабас. Суботні адпачынак, суботняе свята ў набожных жыдоў.
Шабас быў якраз, субота, - грэх жа брацца за работу. К.Крапіва.
Шабаш. У сярэдневяковых павер'ях: начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул.
Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, - няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д'ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Б.Сачанка.
|| перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. Астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Р.Няхай.
Шабаш. Разм.
1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку.
Працягла гуў гудок на шабаш. Х.Шынклер.
2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец.
Бесхарактарны я, брат Стары, - на тон самабічавання з'ехаў Садовіч, - але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Я.Колас.