Гільбэрт Давід (Hilbert David; 23.01.1862-14.02.1943), нямецкі матэматык, ганаровы акад. (1934) АН СССР, праф. Кёнігсбергскага (1893-1895) і Гётынгенскага (1895-1930) універсітэтаў. Асноўныя працы па тэорыі інварыянтаў, тэорыі інтэгральных раўнанняў, тэорыі лікаў, асновах геаметрыі, праблемах дыферэнцыяльных раўнанняў, матэматычнай фізікі, праблемах варыяцыйнага злічэння. У 1900 г. сфармуляваў 23 праблемы, якія сканцэнтравалі вакол сябе творчыя намаганні матэматыкаў розных кірункаў. Г. даказаў асноўную тэарэму пра існаванне концага базіса сістэмы інварыянтаў, пабудаваў тэорыю інтэгральных раўнанняў з сіметрычным ядром, якая стала адной з асноваў сучаснага функцыянальнага аналізу і спектральнай тэорыі лінейных аператараў. Працы Г. па тэорыі алгебраічных групаў пераўтварылі гэтую галіну матэматыкі і сталі зыходным пунктам яе далейшага развіцця. «Асновы геаметрыі» Г. (1899) сталі ўзорам для далейшых працаў па аксіяматычным будаванні геаметрыі. Уся далейшая праца над логікавымі асновамі матэматыкі ідзе ў значнай ступені па шляхах, пазначаных Г., і з дапамогай створаных ім канцэпцый.