Ляпуноў Аляксандар Міхайлавіч (Ляпунов Александр Михайлович; 06.06.1857-03.11.1918), расейскі матэматык і механік, акад. Пецярбургскай АН (1901), праф. (1892) Харкаўскага ўніверсітэта. Л. - стваральнік сучаснай строгай тэорыі ўстойлівасці раўнавагі і руху механічных сістэм, вызначаных концай колькасцю параметраў. З матэматычнага боку гэтае пытанне зводзіцца да даследавання лімітавых паводзін развязкаў сістэм звычайных дыферэнцыяльных раўнанняў пры імкненні незалежнай зменнай да бясконцасці. Л. упершыню даказаў існаванне фігур раўнавагі аднароднай і слаба неаднароднай вадкасцяў, блізкіх да эліпсоідных. У тэорыі імавернасцяў Л. прапанаваў новы метад даследаванняў (метад «характарыстычных функцый»), выдатны па сваёй агульнасці і плённасці; абагульняючы даследаванні П.Чабышова і А.Маркава, Л. даказаў гэтак званую цэнтральную лімітавую тэарэму (Ляпунова тэарэму) тэорыі імавернасцяў пры значна больш агульных умовах, чым яго папярэднікі. Л. - замежны чл.-кар. Парыжскай АН (1916). У 1969 г. АН СССР устанавіла ў якасці ўзнагароды залаты медаль імя А.Ляпунова.
Літ.: Шибанов А. Александр Михайлович Ляпунов. М., 1985.