Ньютан Айзэк (Newton Isaac; 04.01.1643-31.03.1727), ангельскі матэматык і фізік, які стварыў тэарэтычныя асновы механікі і астраноміі, адкрыў закон сусветнага прыцягнення, распрацаваў (нароўні з Г.Ляйбніцам) дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні; Н. - вынаходнік люстранога тэлескопа і аўтар важнейшых эксперыментальных працаў па оптыцы. Кіраваў фізіка-матэматычнай кафедрай (1669-1701) у Кэмбрыджскім універсітэце, акад. (1672) Лонданскага каралеўскага таварыства (1703 - яго прэзідэнт). Н. сфармуляваў тры славутыя законы руху: закон інерцыі (адкрыты Г.Галілеем, першы закон Н.), закон прапарцыйнасці колькасці руху сіле (другі закон Н.) і закон роўнасці дзеяння і супрацьдзеяння (трэці закон Н.) - гэтак званыя законы механікі Н. З 2-га і 3-га законаў ён атрымлівае закон захоўвання колькасці руху для замкнёнай сістэмы. Вялікае значэнне мелі працы Н. па распрацоўцы дыферэнцыяльнага і інтэгральнага злічэнняў, алгебры, інтэрпаляцыі і геаметрыі. Н. адкрыў узаемна-адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання, зрабіў фундаментальныя адкрыцці ў галіне бясконцых шэрагаў, у прыватнасці індуктыўнае абагульненне гэтак званай тэарэмы пра біном Н. на выпадак адвольнага рэчаіснага паказніка. Розныя рацыянальныя, дробава-рацыянальныя, ірацыянальныя і некаторыя трансцэндэнтныя функцыі (лагарыфмічную, паказнікавую, сінус, косінус, арксінус) Н. падаў у выглядзе бясконцых ступеневых шэрагаў. Н. прапанаваў метад лікавага развязання алгебраічных раўнанняў (Ньютана метад), а таксама метад для знаходжання раскладання няяўных функцый у шэраг па дробавых ступенях аргумента. Н. належыць развязанне некаторых задач варыяцыйнага злічэння. У «Метадзе рознасцяў» (апубл. 1711) Н. прапанаваў гэтак званую інтэрпаляцыйную формулу Н. Уплыў поглядаў Н. на далейшае развіццё фізікі велізарны. Можна сцвярджаць, што на ўсёй фізіцы і матэматыцы ляжыць індывідуальны адбітак яго думкі.

Літ.: Вавилов С.Н. Исаак Ньютон. 1643-1727. М.; Л., 1943.

Паведаміць пра недакладнасьць