Пўанкарэ Жуль Анры (Poincaré Jules Henri; 29.04.1854-17.07.1912), французскі матэматык, замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1895), акад. Парыжскай АН (1887), праф. (1888) Парыжскага ўніверсітэта. П. пабудаваў якасную тэорыю дыферэнцыяльных раўнанняў, даследаваў характар інтэгральных крывых на плоскасці, даў класіфікацыю асаблівых пунктаў, вывучыў лімітавыя цыклы, размяшчэнне інтэгральных крывых на паверхні тора, некаторыя іх уласцівасці ў n-мернай прасторы. П. даў дастасаванні сваіх даследаванняў да задачы пра рух трох целаў, вывучыў перыядычныя развязкі гэтай задачы, асімптатычныя паводзіны развязкаў і да т.п. Ён увёў метады малога параметра, нерухомага пункта, раўнанняў у варыяцыях, распрацаваў тэорыю інтэгральных інварыянтаў. Для функцый некалькіх камплексных зменных П. пабудаваў тэорыю інтэгралаў, аналагічных інтэгралу Кашы, паказаў, што скрозь мераморфная функцыя дзвюх камплексных зменных ёсць тасунак дзвюх цэлых функцый. П. увёў асноўныя паняцці камбінаторнай тапалогіі, даказаў формулу, якая звязвае колькасць граняў n-мернага паліэдра (формула Ойлера-П.). П. даў глыбокі параўнальны аналіз сучасных яму тэорый аптычных і электрамагнітных з'яваў. Творы П. зрабілі велізарны ўплыў на многія кірункі сучаснай матэматыкі.

Літ.: Тяпкин А., Шибанов А. Пуанкаре. М., 1982.

Паведаміць пра недакладнасьць