Бобіч Ільдэфонс (1890-1944), каталіцкі святар заходняга абраду, доктар філасофіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., відны беларускі і польскі тэолаг, душпастыр, педагог, перакладчык, пісьменнік і публіцыст, у беларускім каталіцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Пётра Просты (Piotra Prosty).

Нарадзіўся 10.01.1890 у в. Дзедзінка Друйскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Канстанцін і Юзэфа (з дому Тарашкевічаў) Бобічы. У чэрвені 1909 г. паспяхова закончыў Ковенскую гімназію і ў верасні таго ж года паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Сябра беларускага гуртка семінарыстаў. З 1912 г. вучыўся ў Collegium Germanicum у Рыме, які закончыў з навуковай ступенню доктара філасофіі. Пад час вучобы ў Рыме, як згадвае А.Клімовіч, «патрапіў дайсьці да тагачаснага папы Пія Х і атрымаць ад яго апостальскае блаславенне для чытачоў беларускага часапіса для беларусаў-католікаў "Biełarus"». Пасвячоны ў святары 15.07.1915. На 1-м з'ездзе беларускіх святароў у Менску (24-25.05.1917) уступіў у саюз ксяндзоў-беларусаў. Працаваў вікарыем у Друі і душпастырам на Дзісеншчыне (1917-1920). Браў удзел у 3-м з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў (Вільня, 12-13.07.1921), дзе выступіў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва. У 1921-1923 гг. працаваў законавучыцелем у Віленскай беларускай гімназіі. Пазней, у 1923 г., - пробашч у мястэчку Германавічы. Апошнія чатырнаццаць гадоў душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе пробашча і дэкана ў мястэчку Іўе (1930-1944). З 1913 г. супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі выданнямі («Biełarus», «Krynica» і інш.). Выступаў у польскіх рэлігійных часопісах («Przegląd Homiletyczny», «Nowa Biblioteka Kaznodziejska»). Пераклаў на польскую мову працы св. Бернара Клервоскага («Kazania św. Bernarda o NMP»). Падкрэсліваў важную ролю і функцыю казанняў як сродку папулярызацыі тэалагічнай навукі. У міжваеннае дваццацігоддзе падрыхтаваў і выдаў «Нядзеляшнія эвангеліі і навукі» (1912). Да 1930 г. актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дзейнасць каталіцкай царквы на заходнебеларускіх абшарах. Праследаваўся польскім духавенствам Віленшчыны. На пачатку 1930-х гадоў адышоў ад беларускай дзейнасці. У гады Другой сусветнай вайны падрыхтаваў два тамы фундаментальнай працы «Навучайце ўсе народы». Быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Знаходзіўся ў турме. Неўзабаве пасля вызвалення 28.04.1944 памёр у Іўі. Пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Б»; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; БП, V; EK, II; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1920. № 16; Spis kościołów, 1973; 1979; Stankiewicz A., 1929.

Паведаміць пра недакладнасьць