Нарадзіўся 16.11. (паводле іншых звестак 16.12) 1888 у мястэчку Шурычы Ваўкавыскага павета Віленскай губ. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1912) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу (1916). Пасвячоны ў святары 03.06.1914. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 г. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Менску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. Абраны сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.05.1917), сябра яго арганізацыйнага камітэта. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у працы 1-га Ўсебеларускага кангрэса (снежань 1917). Абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Да 26.05.1918 працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР. Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў каталіцкае перыядычнае выданне «Krynica» (Менск, 1918). На пачатку 1920-х гадоў пераехаў на Віленшчыну, дзе ў міжваеннае дваццацігоддзе шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю. Праследаваўся польскімі ўладамі, быў некалькі разоў арыштаваны. Два гады правёў у Макатоўскай турме ў Варшаве. У наступныя гады жыў у Вільні. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 г. пераклаў на беларускую мову «Новы Запавет» (Вільня, 1939). У 1936 г. выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб'яднанне. З сярэдзіны 1930-х гадоў займаўся пераважна грамадска-палітычнай дзейнасцю. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у шэрагу беларускіх культурна-асветных і палітычных арганізацый. З верасня 1941 г. - у Менску, галоўны школьны інспектар пры генеральным камісарыяце нямецкіх акупацыйных улад. Супрацоўніцтва з немцамі разглядаў як магчымасць для кансалідацыі беларускіх нацыянальна-свядомых сіл. 24.12.1942 арыштаваны ў Менску нямецкай тайнай паліцыяй. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.
Літ.: LMABRS, ф. 44, спр. 122; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 247, 330, 608; ф. 131, воп. 3, спр. 331; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1206-1207; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Архівы БНР; ЭГБ, II; Мартос А.; Byelorussian Statehood.